Скарбонка народнай душы

На некаторы час забыць пра свае паўсядзённыя клопаты і па-сапраўднаму адпачыць душой змаглі ў апошнюю нядзелю верасня жыхары Янавіч і госці, якія гэтым днём наведаліся у адзін з самых самабытных культурных цэнтраў Клеччыны, – тут прайшоў фестываль народнай творчасці “Клецкая скарбонка”.

Cвяточны настрой апаноўваў не толькі гледачоў, што ўтульна размясціліся на пляцоўцы ля СДК, дзе і адбывалася ўся дзея. Мелодыі беларускіх народных песень, а яны , як вядома, адметныя сваёй заліхвацкасцю і мелагучнасцю, разносіліся па вуліцах аграгарадка, а значыць, свята было амаль ў кожнай хаце. Ва ўсялякім разе, гэта адчувалася па паводзінах дзяцей. Яны, не саромеючыся нікога, гарэзліва падскоквалі, кружыліся, падтанцоўвалі, як на самой фестывальнай пляцоўцы, так і на надворках, размешчаных паблізу дамоў. Ды і выпадковыя праходжыя ўпотайкі, але ўсё роўна прыкметна патрэсвалі плячыма ў такт “Лявоніхі”. Што і казаць, “успомніць маладосць” і закружыцца ў народным танцы ў той момант, напэўна, хацелася кожнаму: таму хто прытупваў, хто насвістваў, хто сілком стрымліваў свае эмоцыі, але ў душы, з вялікай доляй верагоднасці можна сказаць: весяліліся ўсе!

Уражанні змяняліся з хуткасцю кінакадраў, калі на сцэну адзін за другім выходзілі ўдзельнікі аматарскай творчасці сельскіх дамоў культуры, задачай якіх было прадэманстраваць асноўныя беларускія традыцыі і абрады каляндарнага цыклу. Эмацыянальна, творча і натхнёна “гарталі” старонкі энцыклапедыі жыцця нашых продкаў культработнікі. А ці можна па-іншаму было перадаць тое, што засталося ў спадчыну ад нашых дзядоў і прадзедаў? Каляды, Вялікдзень, Юр’е, Сёмуха, Купала, Пятра і Паўла, Багач, Пакровы, Дзяды. Кожнае з гэтых свят – адлюстраванне быту і культуры ўсяго беларускага народа з уласцівымі толькі яму светапоглядам і жыццёвай пазіцыяй. Але ў аснове, няхай сабе і свята, усё адно былі праца, клопат аб благанадзейнасці ў сям’і і захаванне памяці аб сваіх каранях.

Я не стану з асаблівым піетэтам расказваць аб тым, як трымаліся на сцэне артысты, бо гэта іх прафесія і лепей выканаць тое, што робяць яны, нікому не дадзена. Аднак заўважу (гэта, мабыць, і будзе ўласная ацэнка), што асабіста я ў залежнасці ад таго фрагмента абрада, які дэманстраваўся на сцэне, уяўляла сябе менавіта ў прапанаванай абстаноўцы (у хаце, на полі, на рэчцы, ля вогнішча, за сталом). І толькі калі артысты пад апладысменты гледачоў пакідалі сцэну, я нібыта са сну вярталася “на зямлю”. Магчыма, хтосьці мяне папракне ў пампезнасці, але я ніколькі не пакрыўлю душой, калі скажу, што не толькі не саромеюся сваёй мовы і культуры свайго народа (аўт.: сапраўднага беларускага народа, а не таго, які проста ў пашпарце “завецца” беларусам), а люблю ўсё тое, што расказвае аб ім. Таму мне люба было акунуцца хоць на некаторы час ў мінулае і на кароткае імгненне адчуць тую аўру, якая акружала маіх продкаў. А яшчэ я шчыра радавалася, калі на сцэну выйшаў ансамбль народнай песні “Дзянніца”, творчасць якога – таксама яскравае пацвяр­джэнне ўлюбёнасці ў беларускую народную песню. Радавалася і тады, калі разглядала экспанаты з выставы работ народных умельцаў: вырабы з саломкі і бісеру, гліняныя статуэткі, вышыўку крыжыкам. І толькі адна акалічнасць прыглушала яркія адценні маіх “фестывальных” уражанняў: тая частка грамадства, дзеля якой ў большасці і прызначалася мерапрыемства,  складала зусім малую, нязначную, долю глядацкай аўдыторыі. А, між іншым, менавіта ёй – моладзі –  патрэбна добра ўсведамляць, што фальклор – гэта адлюстраванне душы народа, любові да сваёй роднай мовы, Радзімы і зямлі. Хто як не моладзь павінна захаваць звычаі продкаў, каб перадаць іх у спадчыну сваім нашчадкам?

Святлана Орпель.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *